Лясгасы Мінскай вобласці адкрываюць новыя вытворчасці па перапрацоўцы драўніны

1 марта 2022

Лясная гаспадарка Мінскай вобласці сёлета папоўніцца новымі значнымі аб'ектамі. У праграме 22 інвестыцыйныя прамысловыя праекты. Так, услед за Барысавым, дзе ў мясцовым лясгасе ўзводзяць ужо другі цэх па вытворчасці пелет, выпуск драўняных паліўных гранул плануюць наладзіць у Бярэзінскім, Чэрвеньскім, Уздзенскім, Лагойскім лясгасах. Акрамя таго, драўніну нізкага сорту задзейнічаюць і на новых вытворчасцях еўрападдонаў. Напрыклад, у Вілейцы, Слуцку і Капылі. Усе прадпрыемствы-навічкі арыентаваны ў асноўным на экспарт. 

І як адзначылі сёння на калегіі Мінскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб'яднання, паспяхова выконваецца і такая важная задача, як аднаўленне лесу. Павіншавалі на мерапрыемстве і лепшых ляснічых цэнтральнага рэгіёна. 

Расказалі сёння і яшчэ пра некаторыя эканамічныя вынікі. У цэлым летась у лясгасах Мінскай вобласці нарыхтавалі больш за 4 з паловай мільёны кубаметраў драўніны. Вырабілі 411 тысяч метраў кубічных піламатэрыялаў, што на 13 % больш за ранейшы тэрмін.