На Беларускай АЭС завяршылася місія МАГАТЭ. Эксперты высока ацанілі бяспеку на станцыі

22 августа 2019

Сёння на Беларускай АЭС завяршылася місія МАГАТЭ. Яна доўжылася тры тыдні. Эксперты высока ацанілі бяспеку на Беларускай атамнай станцыі. Асабліва адзначылі надзейную сістэму аварыйнага апавяшчэння насельніцтва ў выпадку ўзнікнення радыялагічнай і іншых аварый. Ды і ў цэлым прэтэнзій да бяспекі нашай атамнай станцыі ў профільных міжнародных спецыялістаў няма. Што ж да завозу ядзернага паліва, то яго пастаўка чакаецца ўжо ўвосень. Дык што ж сёння на Беларускай АЭС напярэдадні запуску і якія рэкамендацыі занеслі эксперты МАГАТЭ па выніках свайго візіту, ведае Юлія Грызунт.

Беларуская АЭС рыхтуецца да запуску.Сёння будаўніцтва першага энергаблока амаль завяршылася. Вядуцца пусканаладачныя работы. На другім вядзецца мантаж асноўнага і тэхналагічнага абсталявання. Апошнія тры тыдні тут працавалі эксперты МАГАТЭ, якія правяралі гатовасць станцыі да запуску, і ўпэўніліся ў высокай бяспецы БелАЭС.

Усяго ў місіі 15 экспертаў з васьмі краін. Прычым доступ на ўсе пляцоўкі станцыі, як і да дакументаў, у замежных спецыялістаў быў неабмежаваны. Што яшчэ раз падкрэслівае: Беларусь адказна ставіцца да ўзвядзення такога роду аб'екта і больш за ўсё клапоціцца аб бяспецы БелАЭС. Што, зрэшты, адзначаюць і прадстаўнікі міжнароднай місіі.

Грэг Ржэнткоўскі, дырэктар дывізіёна па бяспецы ядзерных усталёвак МАГАТЭ:"Я адзначыў высокі ўзровень прыхільнасці бяспецы як кіраўнікоў станцыі, так і радавых работнікаў. Мы дагэтуль жывём ва ўмовах постфукусімскай трагедыі. І вельмі важна засвоіць тыя ўрокі, якія мы атрымалі пасля гэтай трагедыі. І я магу сказаць, што ваша станцыя - прыклад таго, як павінна быць створаная сістэма бяспекі. Як у праекце, так і ў эксплуатацыі". 
У прыватнасці, эксперты адзначаюць надзейнасць сістэмы аварыйнага апавяшчэння насельніцтва ў выпадку ўзнікнення радыялагічнай і іншых аварый. Яшчэ адзін немалаважны аспект - наяўнасць у спецыяльнай пажарнай часці Беларускай АЭС засцерагальнага будынка такога ж узроўню абароненасці, як і сховішча для персаналу. А галоўнае, у выпадку няштатнай сітуацыі кіраваць абсталяваннем можна на адлегласці. 

Міхаіл Міхадзюк, намеснік міністра энергетыкі Беларусі: "Завоз ядзернага паліва мы плануем за месяц-паўтара да гатовасці да фізічнага пуску. Тэхналагічная гатовасць да завозу ядзернага паліва паводле ўсіх рэгламентаў, якія прадугледжаныя, у нас будзе забяспечаная ў верасні". 

Ужо неўзабаве спецыялісты станцыі дбайна прааналізуюць рэкамендацыі і прапановы экспертаў МАГАТЭ. І распрацуюць адпаведныя планы для іх рэалізацыі. Дарэчы, рэкамендацыі гэтай місіі будуць не меней актуальныя і пры падрыхтоўцы да запуску другога энергаблока. 

Наступная місія МАГАТЭ прыбудзе ў пачатку наступнага года. І стане кантрольнай  па завяршэнні галоўнай будоўлі краіны.