4-5 верасня ў Капылі пройдзе Дзень беларускай пісьменнасці

2 сентября 2021

Капыль гатовы прыняць 28-мы Дзень пісьменнасці. Фестываль пройдзе ў гэтыя выхадныя пад дэвізам "Слова нас аб'ядноўвае". Арганізатары паклапаціліся пра тое, каб ператварыць горад у глабальную інтэрактыўную пляцоўку.

Упершыню ў гісторыі свята падрыхтавалі пешаходны квэст "Капыльскі рог" з выкарыстаннем QR-кодаў. Тэхналогіі дапоўненай рэальнасці выкарыстаюць і падчас цырымоніі адкрыцця - 5 верасня. У гэты ж дзень узнагародзяць пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а таксама пройдзе конкурс юных чытальнікаў з розных куткоў краіны "Жывая класіка". Асноўная тэма ўсіх мерапрыемстваў - Год народнага адзінства і 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На выставе, прысвечанай адзінству, прадставяць фатаграфіі, дакументы і газеты 1921-39-га гадоў. Усяго больш як 200 экзэмпляраў, копіі якіх наведвальнікі змогуць павезці з сабой ў якасці сувеніра.

Тэлеканал "Беларусь 3" пакажа фільмы і спектаклі да Дня беларускай пісьменнасці

5 верасня апоўдні пачнецца прамая трансляцыя ўрачыстага адкрыцця Дня беларускай пісьменнасці на тэлеканале "Беларусь 3". А ў 19:30 канал пакажа канцэртную праграму закрыцця культурнага форуму. У дні правядзення фестывалю ў эфіры на трэцяй кнопцы пакажуць кінастужкі і спектаклі па творах беларускіх пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Андрэя Макаёнка. Акрамя таго, гледачоў чакае прэм'ера новага адукацыйна-пазнавальнага праекта "Кафедра". Гэта цыкл паўнацэнных тэлелекцый ад вядомых беларускіх экспертаў, даследчыкаў і мастацтвазнаўцаў. Праграма будзе выходзіць кожную нядзелю.