Чэмпіянат свету па прафесійным майстэрстве WorldSkills адкрываецца сёння ў Казані

22 августа 2019

Повары,  токары, сантэхнікі, медсёстры і айцішнікі.  Тысячы маладых прафесіяналаў з 63 краін прыехалі ў Казань, каб прадэманстраваць сваё майстэрства.  Сёння тут адкрываецца чэмпіянат свету  WorldSkills.  Беларусь  ужо  трэці раз возьме ўдзел у  такім першынстве.  Чаму важна ўзнімаць прэстыж рабочых прафесій - у рэпартажы Дар'і Белавусавай-Пятроўскай

Выставачны цэнтр "Казань Экспо" размясціўся  па суседстве з міжнародным аэрапортам Казань. Выйшаў з самалёта - і літаральна праз 10-15 хвілін ты ўжо ўдзельнік найбуйнейшага міжнароднага спаборніцтва рабочых прафесій. 

ЧС па прафесійным майстэрстве WorldSkills  яшчэ называюць алімпіядай для рабочых рук. Яго мэта - павысіць прэстыж і папулярнасць рабочых прафесій. Першынство праводзяць адзін раз у два гады, і, як правіла, у ім удзельнічаюць маладыя людзі ад 18 да 22 гадоў.

Сёлета маладыя прафесіяналы будуць спаборнічаць у 56 кампетэнцыях. Беларусы ўдзельнічаюць больш чым у 30. Гэта сфера паслуг, медыцына, ювелірная справа, дызайн, будаўніцтва, вытворчасць мэблі, афарбоўка аўтамабіляў, зварка і многае іншае. Для кожнага гэта шанц не толькі паказаць сваё майстэрства, але і знайсці добрую працу ў будучыні, бо, паводле звестак Сусветнага банка, кожны год эканоміка недаатрымлівае паўтара трыльёна долараў з-за недахопу рабочых кадраў. 

WorldSkills - гэта яшчэ і бітва розуму і эрудыцыі. Удзельнікі прадэманструюць 3D-мадэляванне камп'ютарных гульняў, стануць распрацоўшчыкамі новых IT-праграм, а таксама ўпершыню правядуць спаборніцтвы беспілотнікаў.