Двухмільённы рубеж па нарыхтоўцы збожжа пераадолелі аграрыі Мінскай вобласці

4 ноября 2021

Двухмільённы рубеж па нарыхтоўцы збожжа пераадолелі аграрыі Мінскай вобласці. Вага каравая павялічылася за кошт кукурузы: гэта плюс 400 тысяч тон. Цалкам убраць катахі плануюць да канца тыдня. Завяршаецца і ўборка цукровых буракоў. Тым часам аграрыі рэгіёна рыхтуюць глебу пад будучы ўраджай. Пра сезонныя палявыя работы - у сюжэце Алены Вітко.

Сезон асенне-палявых работ

З самай раніцы - удакладніць прагноз надвор'я, а на месцы - адразу ж зрабіць тэхагляд. Так працоўны дзень пачынаецца ў кожнага механізатара. Амаль 30 гадоў палявыя правілы выконвае і Пётр Голуб. Прафесія камбайнер для яго не проста гаспадарскі падыход і любоў да зямлі - спосаб жыцця.

Да пытання харчовай бяспекі ў гэтым сезоне - увага асаблівая! З-за засушлівага лета не дабралі збожжа. Кампенсаваць трэба за кошт кукурузы. Яе ў Мінскай вобласці зараз нарыхтавалі 400 тысяч тон. Агульны ж каравай пераадолеў 2-мільённы рубеж. Радуе і ўраджайнасць залатых катахоў: па рэгіёне гэта 77 цэнтнераў з гектара. А ў гаспадарцы "Крутагор'е-Петкавічы" Дзяржынскага раёна збіраюць усе 100.

З палёў бурштынавае зерне паступае на дапрацоўку. Зараз вільготнасць каля 38-40 %. Частка ідзе на плюшчэнне і кансервацыю - гэта добры корм. Астатняе сушаць і адпраўляюць на захоўванне. Усяго нарыхтавалі 5 тысяч тон.

Усяго пад кукурузу ў цэнтральным рэгіёне адвялі больш за 250 тысяч гектараў. На сілас - цалкам убралі. 10 % застаецца пад зерне. Завяршыць работы трэба да канца тыдня.

Да 7 лістапада неабходна завяршыць і нарыхтоўку цукровых буракоў. Салодкіх караняплодаў аграрыі вобласці сабралі больш за мільён сто тысяч тон. Разам з гэтым працягваецца сезонная апрацоўка глебы пад сяўбу яравых.

Своечасовае падняцце зябліва дазволіць павялічыць урадлівасць глебы і паменшыць нагрузку на аграрыяў восенню. Так, у цэнтральным рэгіёне апрацавалі амаль 65 % плошчаў. Сярод лідараў Нясвіж, Капыль і Клецк.