Калекцыю рарытэтных прасаў сабралі ў Маладзечне

10 ноября 2021

Драўляныя, чыгунныя, каменныя, электрычныя... У Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне - выстава рарытэтных прасаў. Звыклыя для кожнага бытавыя прыборы пераадолелі эвалюцыйны шлях больш як 2 000 гадоў.  Першыя з'явіліся яшчэ ў Старажытнай Грэцыі. 

Таццяна Бажко пабывала на мяжы эпох і азнаёмілася з дзясяткамі старадаўніх эксклюзіўных экспанатаў, у тым ліку  беларускай вытворчасці. 

Была ў старажытных грэкаў і яшчэ адна традыцыя. Многія  спецыяльна рабілі на туніках і хітонах маленькія складачкі з дапамогай жалезных спружынак. Такая дэталь убору адпавядала тагачаснай модзе. Адмысловыя прасы пазней з'явіліся і ў Кітаі – накшталт сучаснай патэльні. Для таго каб разгладзіць тканіну, патрэбна было насыпаць у такі прас распаленыя вуглі. Але пры гэтым яны маглі і прапаліць матэрыял. Бытавыя прыборы, больш падобныя да сучасных, з'явіліся ў пачатку 19 стагоддзя. Яны важылі ад трох да 10 кілаграмаў. 

Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя прасы прыраўноўваліся... да твораў мастацтва. У камплекце з імі ішлі нават спецыяльныя падстаўкі. На іх майстры чыгунных і бронзавых спраў наносілі такія ж узоры і надпісы, што і на самі прылады. Каштавалі яны шмат, таму лічыліся раскошай і былі даступныя далёка не ўсім.

Вопратка нашых продкаў складалася звычайна з натуральных матэрыялаў. Таму яе можна было не прасаваць, а толькі змякчыць. З дапамогай качалкі і валька. Працэс, між іншым, не самы лёгкі!

Такія прылады захоўваюцца як рарытэты ў некаторых дамах і зараз. Дарэчы, валёк мог стаць і неблагім музычным інструментам. Утвараць меладычныя гукі дапамагала полая структура. 

Спіртавыя, газавыя, вугальныя… У кожнай мясцовасці былі свае фарматы і фаварыты. Калі замест вугалю ў прасы пачалі ўстаўляць нагрэтыя прыстасаванні – утулкі, такія прыборы атрымалі назву праса з душой, якая ледзь цепліцца. Дастаць душу значыла ў прамым сэнсе дастаць металічны цыліндр, нагрэць да чырвані яго на агні, вярнуць на месца і працягваць работу. Пазней з'явіўся і першы электрычны прас. Спачатку – у Амерыцы, а затым і па ўсім свеце. Напрыклад, вось гэтая мадэль – беларускай вытворчасці. На Лідсельмашы іх выпускалі невялікімі партыямі аж да 70-х гадоў мінулага стагоддзя.

З часам мяняўся знешні выгляд і памеры прыбораў, у вытворчасці выкарыстоўваліся новыя матэрыялы.  Дадаваліся і новыя функцыі – распыляльнік вады, тэрмастат і вертыкальнае адпарванне. Вывучыць увесь мадэльны рад і прасачыць гісторыю праса можна на выставе рарытэтаў у краязнаўчым музеі Маладзечна. Рэтраэкскурсія  інтэрактыўная. Да экспанатаў можна не проста дакрануцца, але і зрабіць ім своеасаблівы тэст-драйв.