Лімоны, апельсіны і экзатычныя грэйпфруты - кісла-салодкі ўраджай вырошчваюць на хатніх плантацыях у Смалявічах

7 февраля 2023

Лімоны-гіганты і апельсіны, а яшчэ грэйпфруты і лаймы. Экзатычныя плантацыі цытрусавых вырошчвае Аляксандр Лістраценка са Смалявічаў. Хатняя аранжарэя налічвае некалькі сотняў разнастайных сартоў і відаў, сакавітыя плады там збіраюць круглы год. Падрабязнасці ў Алены Вітко.

Не кватэра, а зімовы сад з цытрусавымі ноткамі. Кіслы ўраджай Аляксандр Лістраценка ўжо збірае амаль 5 гадоў. Зараз у яго хатняй калекцыі 200 сартоў і відаў. А гэта больш за 3 тысячы раслін.

Сёння - цытрусавод са Смалявічаў, а ў дзяцінстве - аматар раслінаводства і земляробства. Прыкладам былі дзядуля і бабуля, асноўныя ж агранавыкі ў спадчыну перайшлі ад бацькі. У цяпліцах разам займаліся памідорамі і агуркамі, вырошчвалі капусту, цыбулю, буракі. Потым захацелася экзотыкі. І цяпер у асартыменце не толькі лімоны-гіганты, аранжавыя апельсіны або духмяныя мандарыны, ёсць грэйпфруты, цытроны, лаймкваты.

Каб цытрусавы мікс быў максімальна сакавітым і вітамінным, для зялёных плантацый патрэбны асаблівыя ўмовы: высокая вільготнасць і дадатковае святло, рэгулярны паліў і фарміраванне кроны. Усімі тонкасцямі экабізнесу Аляксандр дзеліцца на сайце і ў сацсетках, а каб купіць саджанцы, выстройваецца чарга.

Гэта не проста цытрусавы бізнес - справа жыцця. Аляксандр Лістраценка, напрыклад, пабудаваў ужо дзве цяпліцы: двухузроўневую і эксперыментальную. Да цёплага сезона падрыхтаваў і ўраджайныя ноу-хау: інжыр і хурму, гранаты і нават бананы. Вось такі ён, беларускі фруктовы кошык.