У Нясвіжскім замку рыхтуюцца да калядных свят! Тут падвялі вынікі міжнароднага конкурсу ёлачнай цацкі "Калядная казка". У конкурсе прынялі ўдзел больш за 200 майстроў з розных краін свету. У фінал трапілі толькі 27.
Навагоднія ўпрыгажэнні створаны ў розных тэхніках, але аб'яднаны тэмай казак і легенд роднага краю. Імёны пераможцаў - у Ларысы Гулякевіч.
Упрыгажэнні, расшытыя бісерам, звязаныя кручком, распісаныя фарбамі, драўляныя і карункавыя. Розныя тэхнікі і стылі ёлачных цацак аб'яднаны тэмай казак і легенд. Свае міні-творы мастацтва на міжнародны конкурс "Калядная казка" аўтары з Расіі, Беларусі, Украіны, ЗША і Канады дасылалі па пошце.
Частка ёлачных цацак прысвечана Радзівілаўскім легендам. Гэтая, напрыклад, прыехала з Масквы і сімвалізуе Міхала Казіміра Рыбаньку, які сваіх сябровак называў рыбанькамі. Гэта - рэтра - партрэт Эльжбеты Радзівіл, якая дажыла да 103 гадоў, а Чорны лебедзь прысвечаны гісторыі пра "Чорную панну Нясвіжа".
Менавіта гэты лебедзь прынёс перамогу ў конкурсе майстру з Беларусі. Вытанчаную ёлачную цацку Таццяны Герасіменкі ацаніла міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі музейныя работнікі і майстры ірландскіх карункаў.
Майстар Юлія Харытонава з вёскі Вялікая Лысіца Нясвіжскага раёна свой мастацкі твор таксама прысвяціла Барбары Радзівіл. Любімую гераіню нясвіжскіх паданняў увасобіла ў вобразе пчалы з жамчужнымі каралямі.
Адпаведную атмасферу казачнага свята ў залатой зале Нясвіжскага палаца стварала музыка ў стылі барока.
Арыгінальныя навагоднія цацкі прафесійных міжнародных майстроў застануцца ў музеі-запаведніку "Нясвіж" і папоўняць калекцыю ёлачных упрыгажэнняў Радзівілаўскага замка. У мінулым годзе гэта былі ёлачныя шары, выкананыя ў тэхніцы ірландскіх карунак. Праект і сёлета ўзначальвае майстар Вольга Старасціна, арганізатар Міжнароднай школы аматараў ірландскіх карункаў.
Дарэчы, усяго пад Новы год у Нясвіжскім музеі ўпрыгожаць больш за 20 ёлак.