Аздараўленчы лагер "Зубраня" сёлета прымае з падвоеным запалам

6 августа 2021

Вяровачны гарадок, скаладром і турыстычныя квесты. Дзіцячыя аздараўленчыя лагеры Мінскай вобласці прапануюць розныя фарматы. "Зубраня", напрыклад, робіць акцэнт на актыўны адпачынак. У праграме квесты на свежым паветры, аквамаршруты па возеры Нарач і нават міні-алімпіяда. Рэпартаж Алены Вітко.

Відовішчнае шоу, парад юных атлетаў і падтрымка гледачоў. Вялікае свята з алімпійскім духам аздараўленчы лагер "Зубраня" сёлета прымае з падвоеным запалам. І хай віды спорту адрозніваюцца ад праграмы ў Токіа - гаспадарыць такі ж спаборніцкі дух. Тут, напрыклад, перацягванне каната і майстар-клас па ушу. Побач валейбол і настольны тэніс, надзіманы мегабільярд. Тут жа і камандныя старты.

Зараз у лагеры “Зубраня” адпачываюць больш за 1200 дзяцей. У іх раскладзе не толькі такія агульналагерныя мерапрыемствы. Актыўнасці ўвесь дзень нон-стоп. Напрыклад, наведваюць тарзан-парк і планетарый. У раскладзе атрадаў таксама квесты на свежым паветры і катанне на лодках і катамаранах.

У вялікае дарослае плаванне хутка адправіцца і Міхаіл Каліцін. Будучы выпускнік плануе стаць ветэрынарам. Сур'ёзная падрыхтоўка да школьных іспытаў і здачы ЦТ яшчэ наперадзе. Зараз жа юнак адпачывае і набіраецца сіл у любімым лагеры. Дарэчы, гэта яго юбілейны, дзясяты візіт.

Адправіцца ў міні-падарожжа на "Азёрны прычал" альбо "Блакітны востраў", у "Сонечны горад" ці нават "Зорны свет". Камфортная інфраструктура прываблівае не толькі беларусаў. Зараз, напрыклад, адпачываюць дзеці з Расіі. Змена - 18 дзён. Прычым, для кожнага ўзросту свой тэматычны праект. Напрыклад, для 14-15 гадоў - "Летні ФІТ: фармат, ідэя, творчасць". Атрады ператвараюцца ў студыю па стварэнні ўласнага брэнда.

Правесці час з карысцю для здароўя і душы можа кожны. Толькі ў Мінскай вобласці на канікулах працуюць каля тысячы дзіцячых лагераў. Пуцёўку ў лета атрымалі больш за 60 тысяч школьнікаў.