Прэм'ера "Радавыя" з аншлагам прайшла ў Мінску, даведаліся, калі спектакль зноў у афішы Тэатра-студыі кінаакцёра

25 июня 2024

Прэм'ера "Радавыя" з аншлагам прайшла ў Тэатры-студыі кінаакцёра. Пастаноўка гістарычнай драмы Аляксея Дударава - прысвячэнне 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На прэм’еры пабывала Ларыса Гулякевіч.

Трагічныя лёсы, сапраўдныя гісторыі, расказаныя франтавікамі. Дакладныя дробязі, рысы характараў герояў  дасканала выпісаны драматургам. П'еса Аляксея Дударава “Радавыя” нібыта акунае ў атмасферу рэальнага часу, каб помнілі.

Дзеянне спектакля разгортваецца ў Германіі незадоўга да Перамогі. Цэлая панарама характараў - напружанае спляценне чалавечых лёсаў. А драматычныя гісторыі расказваюцца ад першай асобы.

Кожны артыст прапускае праз сябе трагедыю свайго героя.

Культавая п'еса "Радавыя" была напісана беларускім драматургам Аляксеем Дударавым ў 1985 годзе. У свой час яна з трыумфам ставілася ў многіх тэатрах Савецкага Саюза і па-за яго межамі. Твор быў адзначаны прэміяй Усесаюзнага Ленінскага камсамола і Дзяржаўнай прэміяй СССР. У наш час гісторыі ваенных трагедый гучаць як ніколі актуальна.

Суцэльны вобраз гістарычнай драмы таленавіта дапамагала ствараць зладжаная творчая каманда рэжысёра: мастак-пастаноўшчык Ігар Хруцкі, мастак па касцюмах Ніна Гурло, кампазітар Леанід Шырын.

У спектаклі шмат філасофскіх разважанняў, жыццёвай міласэрнасці, чалавечага спачування і разам з тым жорсткасці лёсу і відавочнай бессэнсоўнасці таго, што адбываецца. Усё гэта проста, без пафасу,  праз дыялогі і маналогі герояў кранае сэрцы.

Спектакль "Радавыя" ў афішы тэатра кінаакцёра і ў пачатку ліпеня.