Падарожжа ў інтэрактыўным фармаце са святочнай каляднай праграмай прапануе Івянецкі музей традыцыйнай культуры

21 декабря 2023

Падарожжа па родным краі ў інтэрактыўным фармаце са святочнай каляднай праграмай  прапануе Івянецкі музей традыцыйнай культуры. У экскурсійнай праграме: удзел у народнай гульні "Ката пячы", майстар-клас па стварэнні анёла-абярэга і сустрэча каляднай зоркі. Каларытам зімовага турыстычнага  маршруту ўразілася  Ларыса Гулякевіч.

"Ката пячы" па-івянецку! Па ўмовах народнай гульні, з цеста выпякаюць духмяную фігуру ката, прывязваюць да столі і пачынаюць гумарыстычны турнір. Пераможцам у такім самабытным спаборніцтве становіцца той, каму ўдасца адкусіць хвост здобнага ката. У жартоўных конкурсах, заданнях і выпрабаваннях госці ўдзельнічаюць з задавальненнем. 

Народную гульню традыцыйна праводзяць перад калядамі. Аўтэнтычны абрад трапіў у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Лічыцца, што падчас такога свята маладыя людзі нярэдка сустракаюць сваё каханне. На івянецкага "ката" прыехалі не толькі хлопцы ды дзяўчаты, але і замужнія пары.

Калядная вячэра - справа асаблівая. На стале павінна быць 12 посных страў. Абавязкова: куцця, рыба і аладкі з макам. Гэтыя старажытныя традыцыі захаваліся, і зараз у кожнай івянецкай хаце і не толькі.

У святочную праграму "Каляда ідзе!" уваходзяць і батлеечныя спектаклі на рэлігійную і бытавую тэматыку. Драўляны тэатр з лялькамі зрабілі супрацоўнікі музея па ўсіх традыцыйных канонах. 

 А навагодняя ёлачка ў музеі абавязкова жывая. Асноўныя цацкі - ліхтарыкі і анёлы з паперы. Дарэчы, калядных абярэгаў тут запрашаюць зрабіць сваімі рукамі. Анёл -  сімвал любові, дабрыні і чысціні, яшчэ і асабісты ахоўнік.

Падарожжа ў гісторыю роднага краю з інтэрактыўным пагружэннем у самабытныя народныя традыцыі  - самы папулярны маршрут для сучасных турыстаў. Таму ў праграме зімовых экскурсій - наведванне беларускіх мястэчак - з атмасферным каларытам, старажытнымі славутасцямі і народнымі абрадамі.