Выстава работ таленавітай сямейнай пары "Творчая майстэрня Ігара і Алены Бархатковых" адкрылася ў галерэі Слуцка

23 ноября 2023

Культурная сталіца Беларусі - старажытны Слуцк - упрыгожыўся новай выставай. У філіяле краязнаўчага музея - Галерэі мастацтваў імя Садзіна стартаваў праект  "Творчая майстэрня Ігара і Алены Бархатковых".

33 работы - пейзажы і нацюрморты знакамітых мастакоў-рэалістаў адлюстроўваюць чароўны свет беларускай прыроды і тых каларытных мясцін, у якіх пражываюць мастакі. Муж і жонка знакамітыя не толькі сваім пэнздлем, але і жыццёвым выбарам: шмат гадоў таму яны пераехалі жыць у вёску.

Наталля Бардзілоўская пабывала на вернісажы ў Слуцку. 

Сёння ў Ігара Бархаткова быў пленэрны дзень! Снегапад, які прайшоў над Беларуссю, гэта для аўтамабілістаў і камунальнікаў клопат, а для мастака - падарунак, бо Ігар Антонавіч славіцца менавіта сваімі зімовымі пейзажамі! 

Апошнім часам яго палотны не пра зіме "не натхняюць! Хоць і нарадзіўся ў студзені. Зімы сталі іншыя, бясснежныя", - тлумачыць сам Бархаткоў. І прапануе снежную квецень яблынь! А вясну ва ўсім буянні фарбаў і кветак піша жонка Ігара Антонавіча - Алена. З вясковага куточка, дзе даўно пасялілася творчая сям'я, яна зрабіла "райскі": сама саджае  кветкі, дрэвы, кусты, сама ж усю гэтую прыгажосць малюе! 

Талент - любіць усё жывое. І талент - гэта ўвасабляць! Алена Бархаткова - у топе пейзажыстаў Еўропы. Яе карціны - адны з самых вядомых на сусветных аукцыёнах. Як і творы Ігара, прадстаўніка знакамітай беларускай дынастыі: тата мастака - легенда жывапісу Антон Бархаткоў і брат Вітольд - імпрэсіяніст, названы ў гонар Бялыніцкага-Бірулі. 

Не колькасць, а якасць. Такі погляд Бархаткова на прэзентацыю творчасці. Таму палотны майстра не так часта сустрэнеш на вернісажах. Апошнюю выставу Бархатковы ладзілі прыкладна 15 гадоў таму. Трымаюць паўзу - назапашваюць шэдэўры і …даюць засумаваць гледачу! 

Бархатковы - літаральна "падарылі" Слуцку сваю творчасць. Вось гэтая работа пад назвай "Цвіце чаромха" адгэтуль будзе знаходзіцца ў фондах мясцовай галерэі. Яе аўтар - Алена Бархаткова. Зрэшты, зямлячка случчан: тут нарадзілася, тут пайшла ў мастацкую школу і тут заўсёды з асаблівым задавальненнем выстаўляецца. Зрэшты, не ўпершыню.

Гэтая выстава Бархатковых - другая ў Слуцку. І ў мясцовых фондах ужо ёсць два падарункавыя палотны. Цяпер жа для ўсеагульнага прагляду даступны трыццаць тры работы Ігара і Алены. Ода Радзіме. Узор рэалістычнай школы. Непаўторны аўтарскі каларыт. Гэта ўсё - "Творчая майстэрня Ігара і Алены Бархатковых".