Беларуская сталіца маштабна сустрэла свята 9 Мая

10 мая 2024

Мелодыі Вялікай Перамогі, палявая кухня і тэлепорт у "Мінск пасляваенны" - беларуская сталіца маштабна сустрэла свята 9 Мая. Асноўныя святочныя мерапрыемствы разгарнуліся каля Палаца спорту. Шчодры кірмаш і тэматычны канцэрт запланаваны таксама і на выхадныя. Папулярнымі лакацыямі былі парк Перамогі і зялёная тэрыторыя ўздоўж праспекта Пераможцаў. Мінчане і госці горада кружыліся ў вальсе, наведвалі антуражную рэтра-кватэру і дэгуставалі салдацкую кашу. Быў разгорнуты партызанскі лагер, а побач дэманстравалася ваенная тэхніка. Акрамя таго спецыяльна да свята ўзвялі імправізаваную вёску. У "Беларускім падворку" прапаноўвалі традыцыйныя забавы, сямейныя квэсты і нават народнае караоке.

Кульмінацыяй святкавання 9 Мая стаў гала-канцэрт на Кастрычніцкай плошчы. На сцэну выйшлі народныя артысты, оперныя салісты і зоркі беларускай эстрады. Яны выканалі песні ваенных гадоў і сучасныя кампазіцыі. Музычнае прызнанне прагучала праз сюжэт легендарнага фільма ваенных гадоў. А пад пераможныя акорды прагрымеў святочны салют адразу з шасці пунктаў.