Яна прайшла ўсю вайну і не страціла прагі да жыцця - словы падзякі за мір ветэрану Вялікай Айчыннай Соф’і Стасевіч

10 мая 2024

Гэтымі майскімі днямі асаблівая ўвага ветэранам і сведкам Вялікай Айчыннай. Не проста традыцыя, а наш святы абавязак - наведаць кожнага і аддаць даніну павагі неўміручаму подзвігу.

Хоць час аддаляе нас ад тых страшных падзей, памяць пра іх жыве ў нашых сэрцах. Падрабязнасці ў Аляксандры Гойтан.

Павага і пашана нашым ветэранам

79 гадоў таму ў маі квітнелі сады і паўсюль гучала радасная музыка - песні Вялікай і такой доўгачаканай Перамогі.

Тады ў агульным радасным парыве спявала і кружылася ў майскім вальсе 19-гадовая Соф’я. Дзяўчына прайшла ўсю вайну - вытрывала цяжкія выпрабаванні і балючыя страты і не страціла прагі да жыцця.

З асаблівай пашанай і трапятаннем захоўвае яна памяць у рарытэтных фотаздымках і дакументах, а таксама нястомна ўзгадвае гісторыю асабістага шляху да Перамогі.

Свае 15 памятае выразна.

Жыццёвы світанак яе шчаслівага лёсу перакрэсліла вайна. З першых дзён Соф'я Пятроўна дапамагала партызанам. Дзяўчына была сувязной, уладкоўвала побыт байцоў, дапамагала раненым, а калі неабходна - абаранялася з карабінам у руках.

Пасля вайны Соф’я Пятроўна стварыла сям’ю, нарадзіла чацвярых дзяцей. Дапамагала адбудоўваць і пасляваенную Беларусь. Працавала і за сябе, і за братоў, і за любімага бацьку, якіх страціла падчас Вялікай Айчыннай.

Не толькі ў свята дом ветэрана Вялікай Айчыннай поўніцца гасцямі. Наведваюць школьнікі з ваенна-патрыятычнага клуба "Фенікс", прыязджаюць былыя калегі з Бярэзінскага лясгаса, дзе прапрацавала 20 гадоў. Шануе свайго героя і кіраўніцтва раёна.

У гонар Дня Перамогі імянная яблыня з першацветам міру папоўніла фруктовы сад руплівай гаспадыні.

Памяць пра герояў і іх несмяротны подзвіг не згасае. Хоць час аддаляе ад тых жудасных падзей, словы падзякі за мірнае жыццё чутныя ўсё больш гучна.

80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Бярэзінскім раёне сустракаюць 16 сведкаў вайны і адна ўдзельніца Вялікай Айчыннай - Соф’я Пятроўна Стасевіч. Клопат пра герояў, якія здабылі і завяшчалі нашчадкам мірнае жыццё, - наша місія памяці і падзякі.