Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах ў Мінску і пагутарыў з журналістамі

9 мая 2024

Побач з беларусамі 9 Мая - абавязкова Прэзідэнт. Для Аляксандра Лукашэнкі гэта штогадовая традыцыя - асабіста прымаць удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у гэты дзень. Нагадаем, сёння ўвечар на плошчы Перамогі прайшла цырымонія ўскладання кветак і вянкоў.

Адразу пасля Прэзідэнт пагутарыў з журналістамі. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўражаннямі ад парада на Краснай плошчы ў Маскве. Не паспеў беларускі лідар вярнуцца з расійскай сталіцы, як у медыя пачалі з'яўляцца паведамленні, маўляў, парад ужо не той, і па колькасці ваеннай тэхнікі ён паставіў антырэкорд у гісторыі сучаснай Расіі. Наш Прэзідэнт так не лічыць! Паводле яго меркавання, усё было арганізавана тонка і прадумана.

Спыталі беларускага лідара і аб трэніроўцы ядзерных сіл. Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што ядзерная зброя для Беларусі і Расіі - гэта выключна зброя стрымлівання.

Папрасілі Прэзідэнта пракаменціраваць уцёкі польскага суддзі. Нагадаем, днямі польскі суддзя, дысідэнт Томаш Шміт, папрасіў прытулку ў беларускіх улад. Паводле меркавання Аляксандра Лукашэнкі, гэта "ўдар пад дых уладам Польшчы".