З Першамаем беларусаў павіншаваў Прэзідэнт

1 мая 2024

Дзень вясновага абнаўлення, светлых надзей і глыбокай пашаны да ўсіх прафесій. Беларусь сёння адзначае Свята працы. З Першамаем беларусаў павіншаваў Прэзідэнт.

Беларускі народ ва ўсе часы славіўся працавітасцю і гаспадарскім падыходам да справы, што дало магчымасць нам уладкаваць сваю дзяржаву і захаваць мір на роднай зямлі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Сёння, калі абвастрылася глабальная канкурэнцыя за рынкі і рэсурсы, асабліва важна ўмацаваць наш агульны дом, прымножыць дастатак грамадзян, забяспечыць шчаслівую будучыню дзецям і ўнукам. Гэта магчыма дзякуючы добрасумленнаму і адказнаму стаўленню да даручанага ўчастка работы, настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт, наватарскаму падыходу да вырашэння штодзённых задач, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Значным фактарам умацавання беларускай мадэлі грамадскага развіцця з'яўляецца сацыяльнае партнёрства і канструктыўны дыялог органаў дзяржаўнай улады і прафсаюзнага руху, што адзначае сваё 120-годдзе. Упэўнены, прадаўжаючы традыцыі пакалення пераможцаў, мы замацуем за Рэспублікай Беларусь славу моцнай, сучаснай і тэхналагічна развітой краіны. У гэты святочны дзень дзякую кожнаму, хто адданы справе і штодня сваёй працай уносіць уклад у працвітанне нашай Радзімы, - гаворыцца ў віншаванні.