Кіраўнік дзяржавы незадаволены станам беларускай прамысловасці

5 февраля 2014

Аб праблемах і недахопах у галіне гаварылі напярэдадні ў Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў паніжэнне экспартных паставак, а таксама адсутнасць выніку ў пашырэнні іх геаграфіі. Дагэтуль востра стаіць пытанне загружанасці складоў. У аснове гэтага ляжаць нежаданне і няўменне гандляваць, рэзюмаваў Прэзідэнт. Неабходна шукаць новыя нішы і прабівацца на новыя рынкі. Затаваранасць складоў у прамысловасці перавысіла больш як 70% да месячнага аб'ёму вытворчасці.


Найбольшыя запасы гатовай прадукцыі - у гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці. Машынабудаванне не адстае. Праблему продажаў эксперты прапаноўваюць разглядаць з пункту гледжання эканомікі і канкурэнцыі. Размову аб разгрузцы складоў Прэзідэнт падвёў да галоўнай праблемы - недастатковай экспартнай канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі. Менавіта гэта прыводзіць да страты патэнцыялу эканамічнага росту краіны. Па выніках нарады Кіраўнік дзяржавы даў ураду яшчэ адзін шанец - і, гледзячы на сітуацыю, - як бы ён не стаў апошнім. Такім чынам, першы квартал - пункт адліку па разгрузцы складоў.