Лукашэнка: Мы ганарымся абаронцамі Айчыны ўсіх пакаленняў, якія з гонарам выконвалі воінскі абавязак

23 февраля 2024

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў, воінаў і ветэранаў Узброеных Сіл з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу беларускага лідара.

"Гэтае свята непарыўна звязана з барацьбой беларусаў за суверэнітэт і незалежнасць, за права жыць свабодна на роднай зямлі, - гаворыцца ў віншаванні. - Найбольш ярка лепшыя рысы нашага народа - мужнасць, стойкасць і гераізм - праявіліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі на абарону вялікай Радзімы ўстаў і стары і малы. Мы беражліва захоўваем памяць аб гэтым подзвігу, і ў год 80-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - асаблівыя словы падзякі нашым дарагім ветэранам".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі ганарацца абаронцамі Айчыны ўсіх пакаленняў, якія заўсёды з гонарам выконвалі свой воінскі абавязак. "Так было і ў далёкім Афганістане, і ў іншых гарачых пунктах планеты", - адзначыў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Узброеныя Сілы валодаюць усім неабходным, каб даць адпор любому агрэсару, абараніць мір і згоду на беларускай зямлі, а створаная ў краіне сістэма тэрытарыяльнай абароны і народнага апалчэння надае справе абароны Айчыны сапраўды ўсенародны характар.

 Прэзідэнт пажадаў усім здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў у служэнні Радзіме.