Прэзідэнт Беларусі ўручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і педагагічным работнікам

12 февраля 2016

Сярод узнагароджаных - два дзясяткі чалавек. Гэта людзі, чыімі рукамі і інтэлектам беларускія дасягненні ў галіне медыцыны, сельскай гаспадаркі, біялогіі ператварыліся ў сусветныя брэнды. Сёння ў нашых распрацоўках зацікаўленыя такія міжнародныя заказчыкі, як Кітай, Саудаўская Аравія, ЗША. Бізнес-адносіны падтрымліваюцца з навуковымі супольнасцямі і арганізацыямі амаль сотні краін свету. Пасля ўручэння высокіх узнагарод адбылася вялікая дыскусія. Падчас давернай гутаркі Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што дзяржава чакае рашучых дзеянняў ад саміх навукоўцаў. Навуковыя даследаванні павінны прыносіць краіне рэальны эфект. А каб перспектыўныя распрацоўкі ўкараняліся як мага хутчэй, мяняць падыходы прыйдзецца ва ўсім - і ў падрыхтоўцы спецыялістаў, і ў плане кааперацыі навукоўцаў і бізнесу. Рэпартаж Ілоны Красуцкай.

На інтэрв'ю да здымачнай групы "Беларусь 1" галоўны трансплантолаг краіны Алег Румо выйшаў адразу з аперацыйнай. Заслужаны ўрач Беларусі выбірае самыя складаныя выпадкі - аперыруе некалькі разоў на тыдзень. Яго пацыенты, як кажуць, "людзі свету". Часцяком ізраільскія спецыялісты, якіх, у тым ліку, лічаць лідарамі ў галіне транспланталогіі, рэкамендуюць жыхарам Германіі, Расіі і Казахстана лячэнне… у Беларусі.

Летась у Беларусі правялі рэкордную колькасць: амаль паўтысячу органных трансплантацый ныркі, печані, сэрца, падстраўнікавай залозы і першую аперацыю па перасадцы лёгкага. А па колькасці трансплантацый на адзін мільён насельніцтва мы - безумоўныя лідары ў СНД. Зрэшты, ва ўсім свеце беларуская транспланталогія асацыюецца з прозвішчам Румо, як біятлон з каралевай Дар'яй Домрачавай. Але ў медыцыне, як і спорце, не абысціся без драфта.

Аксану Урбановіч калегі і знаёмыя называюць "пашпартысткай". Толькі пасведчанні асобы яна выдае беларускім яблыням, грушам і вішням. Малекулярныя даследаванні абараняюць селекцыянераў ад нядобрасумленных вытворцаў. Паралельна ў Інстытуце генетыкі вядуць выпрабаванні гатункаў трансгеннай бульбы - устойлівай да каларадскага жука і грыбку. Праўда, аб прамысловых маштабах караняплода з ГМА пакуль гаварыць рана. Наперадзе цэлая серыя эксперыментаў. Сустракаюцца і нечаканыя доследы. Навукоўцы скрыжавалі гены расліны і жывёліны.

Па абавязку службы ім не раз прыходзілася сустракацца з Прэзідэнтам "на сваёй тэрыторыі": у медцэнтрах і лабараторыях. Але сёння ўсё наадварот. Касцюм або сукенку не трэба хаваць пад белым халатам. Ушаноўваць тых, чыімі рукамі і інтэлектам беларускія дасягненні ператварыліся ў сусветныя брэнды, стала добрай традыцыяй. Кіраўнік дзяржавы ўручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і педагагічным работнікам.

Дыплом доктара і атэстат прафесара ў Беларусі - пасведчанні сапраўды высокай навуковай кваліфікацыі, якія прызнаюцца ва ўсім свеце. Летась 48 чалавек сталі дактарамі і больш за паўтысячы - кандыдатамі навук. Сёння гэтыя ганаровыя званні здабылі яшчэ 20 чалавек.

Пасля ўручэння высокіх узнагарод Прэзідэнт запрашае да максімальна адкрытага дыялогу. Гутарка даверная. Таму Кіраўнік дзяржавы просіць не крыўдзіцца часам за жорсткую крытыку. Ад навукоўцаў дзяржава чакае рашучых дзеянняў. Змяняць падыходы прыйдзецца ва ўсім - і ў падрыхтоўцы спецыялістаў, і ў плане кааперацыі навукоўцаў і бізнесу, каб перспектыўныя распрацоўкі ўкараняліся як мага хутчэй.

Прадукцыя ваеннага прызначэння, лазерныя тэхналогіі, ахова інфармацыі - гэта, мабыць, галоўныя кірункі, дзе беларусам атрымалася дасягнуць эфектыўнай і рэнтабельнай вытворчасці. Але айчынная навука гатова прапанаваць замежным партнёрам і шэраг найноўшых распрацовак, якія яшчэ не набылі шырокай вядомасці.

Атамная энергетыка, біятэхналогіі, робататэхніка, зандаванне тэрыторыі з дапамогай спадарожніка стануць прыярытэтамі беларускай навукі на найбліжэйшую пяцігодку. Адна з задач, якую ставіць Кіраўнік дзяржавы, - інавацыйнае развіццё эканомікі. Навуковыя даследаванні павінны прыносіць краіне рэальны эфект.

Абноўленая айчынная навука павінна ўжо сёння зазірнуць на дзесяцігоддзі наперад. Неабходна вызначыць асноўныя кірункі, у якіх краіна магла б канкурыраваць на сусветным рынку ведаў. Рашэнне наяўных праблем у розных галінах з Прэзідэнтам навукоўцы абмяркоўвалі на працягу паўтары гадзіны.

Крыху ўсхваляваныя з залы Палаца Незалежнасці яны выходзілі з цвёрдай упэўненасцю. Праблемы навуковага фонду на самай справе не застануцца без увагі і падтрымкі на вышэйшым узроўні. Бо прафесійная мара агульная: перадаць уменні і веды тым, хто зможа прадоўжыць справу. І нават лепш настаўнікаў.