У Беларусі стартаваў сезон здабычы торфу

2 мая 2024

Торф - багацце Беларусі і адзін з актуальных вектараў альтэрнатыўнай энергетыкі.  Сезон здабычы торфу стартаваў. Прадпрыемствы ў структуры "Белпалівагаза" плануюць здабыць з нетраў нашай зямлі каля 2 млн тон гэтага прадукту. Частку торфабрыкету  экспартуюць.

А яшчэ торф прыносіць карысць нашым аграрыям. Аляксей Кандраценка расказаў  і пра спартыўны інтарэс тарфяной прамысловасці краіны.

Бязмежныя прасторы Пухавіцкага раёна: у здабычы торфу спалучаюцца тэхналагічныя і кліматычныя фактары. Спачатку фрэзераванне: вясной у палі выходзіць спецыяльная тэхніка. Далей трэба пераварушыць торф - і зноў машыны ў палях. Сушыць дапамагаюць вецер і сонца. І вось ужо высушаны торф фармуюць у валкі.

У торфабрыкетнага завода "Сяргеевіцкае"  адна з найбуйнейшых сыравінных баз нашай краіны. Запасаў торфу тут хопіць больш чым на паўстагоддзя. Ва ўсіх відах работ прамыслоўцам дапамагае надзейная тэхніка.

Яўген Орда, намеснік галоўнага інжынера торфабрыкетнага завода "Сяргеевіцкае" УП "Мінгаз":

Да пачатку кожнага сезона ўся наша тэхніка павінна быць адрамантаваная, а таксама падрыхтавана абсталяванне да здабычы торфу. Таксама штогод мы абнаўляем наш аўтапарк: сёлета мы закупілі 6 трактароў і шыроказахопнае абсталяванне.

Сёлета "Сяргеевіцкае" плануе здабыць 172 тыс. тон сыравіны, з якой атрымаецца прыкладна на палову менш самой прадукцыі. Асноўная маса брыкетаў  - для энергетыкі, прамысловасці.

Аляксей Малочка, дырэктар торфабрыкетнага завода "Сяргеевіцкае" УП "Мінгаз":

Мы сёлета запланавалі вырабіць 86 500 тон брыкетаў. Пад гэтыя аб’ёмы ёсць спажыўцы, г. зн. нашы аб’ёмы вытворчасці  пацверджаны кантрактамі. Асноўныя пакупнікі - гэта цэментныя заводы рэспублікі. Таксама сёлета мы плануем пабудаваць палі, гэта інвестпраграма.

"Сяргеевіцкае" інвесціруе і ў сацыяльную сферу. Падтрымлівае работнікаў новым жыллём: зараз узводзяць утульны трохпавярховы дом.

Акрамя развіцця прамысловасці пасёлак Праўдзінскі стане і галоўнай лакацыяй краіны па правядзенні тарфянога футбола. Гэты новы від спорта падтрымлівае сам завод.

Аляксей Малочка, дырэктар торфабрыкетнага завода "Сяргеевіцкае" УП "Мінгаз":

Летась было 29 каманд з Рэспублікі Беларусь, у тым ліку прымала ўдзел і каманда з Пецярбурга. Сёлета пачнем будаўніцтва стадыёна для  правядзення тарфянога футбола. Створым брэнд пасёлка.

У цэлым жа прадпрыемствы "Белпалівагаза" (а гэта 15 заводаў у рэгіёнах краіны) у гэтым сезоне плануюць здабыць каля 2 млн тон торфу.

Аляксей Кушнарэнка, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, гендырэктар ДВА "Белпалівагаз":

З гэтай сыравіны будзе выраблены прыкладна мільён тон прадукцыі паліўнага прызначэння, у асноўным гэта брыкеты. А таксама 150 тыс. тон розных покрыўных і пажыўных грунтаў для патрэб сельскай гаспадаркі. Прадукцыя запатрабаваная, і сёння яна пастаўляецца ў 21 краіну свету. За мінулы год мы паставілі на экспарт на 12 млн долараў. Пры гэтым актыўна развіваецца і азіяцкі вектар. У прыватнасці, некалькі паўнавартасных чыгуначных саставаў было адпраўлена ў Кітай.

Прадукцыю па імпартазамяшчэнні айчыннай тарфяной прамысловасці ацанілі і аматары грыбоў. Вытворчасць покрыўных матэрыялаў для вырошчвання шампіньёнаў следам за Брэсцкай вобласцю падхопяць і іншыя рэгіёны краіны.