09.08.2019
"Звязда"

Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія адзначае 25-гадовы юбілей.
На гэтым тыдні адзначае 25-гадовы юбілей Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. І калі чвэрць стагоддзя таму ў беларускага тэлебачання была адна "кнопка" і адно правадное радыё, то сёння ў структуры медыяхолдынга - сем тэлевізійных каналаў рознага кірунку, пяць радыёканалаў, пяць абласных тэлекампаній, афіцыйны партал www.tvr.by і асобныя сайты брэндаў, старонкі ў сацыяльных сетках, YouTube-каналы, а таксама спартыўны інтэрнэт-канал "Беларусь 5" і некалькі мабільных праграм, сярод якіх "Навіны АТН".

Безумоўна, пазыўныя "Гаворыць Мінск!" у тэлевізійным эфіры прагучалі значна раней - Мінская тэлестудыя пачала працаваць яшчэ 1 студзеня 1956 года, спачатку 2-3 гадзіны на суткі, паступова павялічваючы аб'ём. Гэтая дата лічыцца днём нараджэння беларускага тэлебачання, але да самастойнага і паўнавартаснага вяшчання яно дарасло значна пазней.

У 1962 годзе пачаўся абмен праграмамі з іншымі рэспублікамі Савецкага Саюза, а з 1974 года ў эфіры з'явіліся каляровыя тэлеперадачы ўласнай вытворчасці. У 1991 годзе Дзяржтэлерадыё БССР было перайменавана ў Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні - і менавіта на яго базе ў жніўні 1994-га Указам Прэзідэнта была створана Белтэлерадыёкампанія. "Звязда" прапануе згадаць, што адбылося на Макаёнка, 9 за 25 гадоў.

З 1993-га кампанія стала паўнапраўным і адзіным у нашай краіне ўдзельнікам Еўрапейскага вяшчальнага саюза, што дало магчымасць абмену праграмамі ўжо не толькі з постсавецкімі, але і з еўрапейскімі краінамі. У прыватнасці, мы пачалі назіраць за "Еўрабачаннем". Праўда, тады беларусы маглі "хварэць" хіба за суседзяў - Расію, Польшчу, Літву, бо дэбют нашых землякоў, дуэта "Аляксандра і Канстанцін", адбыўся толькі праз 10 гадоў.

20 гадоў таму, у 1999-м, выйшаў у эфір наш адказ лацінаамерыканскім мыльным операм - першы нацыянальны тэлесерыял "Пракляты ўтульны дом", які зняў на "Беларусьфільме" рэжысёр Уладзімір Арлоў. Ці помніце - на працягу 34 серый у гістарычнай меладраме расказвалася гісторыя паненкі Саламеі і закаханых у яе ўдзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага князя Юзэфа і паручніка царскай арміі Вясніцына...

Адзін за адным у структуры Белтэлерадыёкампаніі з'явіліся ўласныя каналы: галоўны інфармацыйны канал "Беларусь 1" (1992 год; да 2011-га насіў назвы "ТБК", "БТ", "Першы нацыянальны"), сямейна-забаўляльны "Беларусь 2" (2003; да 2011-га - "ЛАД"), спадарожнікавы "Беларусь 24" (2005; да 2013-га - "Беларусь-ТБ"). У 2006 годзе ў папулярнага расійскага федэральнага канала НТБ з'явілася ліцэнзаваная версія "НТБ-Беларусь". У 2013 годзе быў запушчаны сацыякультурны канал "Беларусь 3" і нацыянальны спартыўны "Беларусь 5", у 2015-м - рэгіянальны "Беларусь 4", самастойныя версіі якога выходзяць у 5 абласцях краіны на базе рэгіянальных тэлерадыёкампаній.

Сярод праграм медыяхолдынга хапае "доўгажыхароў", якія трымаюцца ў эфіры шмат сезонаў і нават гадоў: "Калыханка", "Беларуская часінка", "Тэлебарометр", "Добрай раніцы, Беларусь!", "Панарама"... Мабыць, рэч у асаблівай тэлевізійнай магіі?

- Безумоўна, яна існуе, - пагаджаецца тэлевядучая Святлана ПАНКРАТАВА, якую гледачы шмат гадоў ведаюць і любяць як "дзяжурную па надвор'і". - Асабіста я вельмі шчаслівая, што мы з тэлебачаннем знайшлі адно аднаго, што я амаль адразу трапіла ў сваю тэму, з якой працую ўжо шмат гадоў і не страчваю цікавасці. Спадзяюся, калі і пайду з эфіру, то хіба ў чарговы дэкрэт альбо на пенсію (Смяецца).

- Уявіце: вось ужо задзьмутыя 25 свечак на карпаратыўным торце... Што пажадаеце калегам на наступныя 25 гадоў і далей?

- Каб яны рэалізоўвалі свае мары і раскрывалі напоўніцу таленты, якія ў іх ёсць. Каб не страчвалі працаздольнасці, імпэту і аптымізму. Магчымасцяў рэалізаваць сябе на сучасным тэлебачанні шмат - таму прыдумляйце тое, што цікава і карысна вам і гледачам!

Апошняе пажаданне, сцвярджаюць супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі, яны ўжо выконваюць і рыхтуюць для сезона 2019/2020 шэраг новых арыгінальных праектаў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.