Вялікую нараду аб стане і задачах развіцця беларускай прамысловасці праводзіць Аляксандр Лукашэнка

9 апреля 2024

Прамысловая вытворчасць у Беларусі сёння расце, разам з тым Прэзідэнт патрабуе глядзець у перспектыву. Вялікая размова аб стане і задачах развіцця галіны праходзіць у Палацы Незалежнасці: ад пытанняў вытворчасці і рэалізацыі тавару да навуковага суправаджэння і падрыхтоўкі кадраў.

Апошнія некалькі гадоў назіраецца стабільны рост аб'ёмаў вытворчасці: плюс 40 % за 3 гады. Дадаём па электроніцы, легкавых і грузавых аўто, камбайнах. Аднак напружаная сітуацыя па выпуску трактароў, халадзільнікаў, рухавікоў. Аляксандр Лукашэнка акцэнтуе ўвагу на сучасных тэхналогіях на прадпрыемствах - менавіта яны забяспечваюць высокую прадукцыйнасць, якасць, паніжэнне выдаткаў. Неадназначная сітуацыя і па экспарце. З аднаго боку, летась прадалі максімум за апошняе дзесяцігоддзе: галіна выгандлявала 6,5 млрд долараў. З другога - слаба дыверсіфікуем пастаўкі ў краіны далёкай дугі.

Прыярытэтам работы прамысловага комплексу Аляксандр Лукашэнка называе імпартазамяшчэнне. Ад гэтага сёння залежыць устойлівасць нашай эканомікі і тэхналагічная незалежнасць краіны ад заходніх санкцый. Прэзідэнт патрабуе па ўсіх кірунках распрацаваць стратэгію павышэння ўзроўню лакалізацыі. Асаблівую важнасць ва ўмовах, якія склаліся, набывае рэалізацыя саюзных праграм.

Прэзідэнт таксама ставіць задачу па абароне ўнутранага рынку: ёсць пытанне з рэалізацыяй тавараў і разгрузкай складоў з гатовай прадукцыяй. Па некаторых прадпрыемствах запасы складаюць больш за двухмесяцовы аб'ём вытворчасці. Прэзідэнт звярнуў увагу на праблему росту карупцыйных схем. Так, па выніках мінулага года колькасць такіх злачынстваў вырасла амаль на чвэрць.

Аляксандр Лукашэнка называе забеспячэнне якасці прадукцыі і належнага сэрвіснага абслугоўвання ключавым пытаннем. Гэта важна не толькі ў Год якасці, гэта важна, каб можна было вытрымліваць высокую канкурэнцыю ў свеце. Іакш кажучы, якасць - пытанне будучыні краіны і народа.