У Мінскай вобласці актыўна развіваюць альтэрнатыўную энергетыку, даведаліся пра новыя ацяпляльныя трэнды

23 апреля 2024

Мінская вобласць актыўна развівае альтэрнатыўную энергетыку. Акрамя торфу, сезон здабычы якога пачаўся, стаўка і на пелеты. А гэта вынік безадходнай перапрацоўкі драўніны. Па выпуску паліўных гранул у цэнтральным рэгіёне тон задаюць прадпрыемствы ў Стоўбцах, Старых Дарогах і Барысаве. Попыт на драўняныя пелеты ёсць сярод краін Сярэдняй Азіі, а таксама ў Кітаі і Турцыі.

Але галоўнае - на іх звярнула пільную ўвагу энергетыка ўнутранага рынку. Пра перавагі пелетных катлоў і новыя энергетычныя трэнды - Аляксей Кандраценка.  

Калі лес сякуць,  шчэпкі і пілавінне ляцяць мэтанакіравана і ператвараюцца ў шчыльна спрасаваныя гранулы. Вытворчасці пелет апошнія гады адкрылі ў Старых Дарогах, Капылі, Стоўбцах. А адным з першых у гэтай энергетычнай нішы быў і Барысаўскі лясгас. Тут абсталяванне выдае 4 тоны за гадзіну. 

 Паліўныя гранулы тут выпускаюць двух відаў: індустрыяльныя (для кацельняў заводаў або жыллёва-камульнай гаспадаркі), а таксама бытавыя.

Сёння Барысаў пастаўляе драўняныя пелеты для айчыннай прамысловасці. Ёсць перспектывы і экспартных продажаў. 

Да пелет як аптымальнага віду паліва прыглядаюцца ў  жыллёва-камунальнай сферы.

Каб убачыць, як працуе кацёл на пелетах, адпраўляемся ў пасёлак Трэскаўшчына Мінскага раёна. Мясцовая кацельня, якая абслугоўвае дзіцячы сад, адмовілася ад дроў.

Сам пелетны кацёл нагадвае вялікую кава-машыну.  Драўняныя пелеты як "зерне" порцыямі засыпаюць у бункер, адкуль яны паступова трапляюць у топку. На выхадзе, вядома, не латэ або капучына, але энергія, ад якой цёпла і прыемна. 

З шасці дзясяткаў новых аб'ектаў палову магутнасці сабе забяруць 10 кацельняў у цэнтральным рэгіёне, якія ўваходзяць у структуру жыллёва-камунальнай гаспадаркі.