Арт-паролі і культурныя яўкі ў рубрыцы "Праменад"

19 апреля 2024

Бессань сёння афіцыйна ў раскладзе беларускіх сховішчаў кніжнай спадчыны. Бібліяноч - нагода не спаць да апошняга чытача. Прэм'ера ў Мастацкім. У храме муз прапісалася нацыянальная графічная школа ў ракурсах народнага Шаранговіча . А "Мінская вясна" расфарбуе фестывальную гаму Белдзяржфілармоніі інтанацыямі барока. Запрашаем на "Праменад".

Франтмен беларускай графічнай школы ў лініях і колеры ў Нацыянальным мастацкім. Тры дзесяцігоддзі Васіль Шаранговіч дзяліўся з новай школай каардынатамі "залатога сячэння" ў шыротах Акадэміі мастацтваў. На пазіцыі рэктара вучыў бачыць дыпломнікаў - у ілюстрацыі і станковай графіцы, партрэтах і пейзажах. Сёння мастацкую лексіку майстра чытаем у кніжнай спадчыне фундаментальнага класічнага трыа: Коласа, Міцкевіча, Караткевіча.

Аб "Вышэйшым" у Палацы мастацтва. Эпасы рымскага пантэона, легенды зямлі беларускай і біблейскія сэнсы ад Леанара Гацье - пад сакральныя сюжэты на Казлова, 3 аддадзены 2 тысячы квадратаў. Не тэалагічныя, а мастацкія ракурсы ў пяці залах палаца. Графічны ваяж - гэта 6 соцень тыражных і арыгінальных твораў з прыватных збораў. Не без прэм'еры ад першай скрыпкі авангарда - Марка Шагала.

Паўсотні дзён на слыху меламанаў. "Мінская вясна" квітнее ў Белдзяржфілармоніі. У афішы прысвячэнне асабістым датам Пушкіна і Рымскага-Корсакава. "Казка пра цара Салтана" пад кіраўніцтвам маэстра Анісімава стане явай ў маі. Музіцыруе не толькі галоўная сцэна, "вакальна-інструментальны рэнесанс" ужо заўтра ў Малой зале імя Шырмы. Суботняя гама за Дзяржаўным камерным хорам.

І літаратурнае паляванне праз гадзіну ахопіць плошчы самага начытанага будынка Мінска. На календары - Бібліяноч, а значыць, на інтэлектуальныя баталіі кнігаманы вольныя зазірнуць пазаўрочна. Толькі Нацыянальная бібліятэка не будзе спаць да 23 гадзін. Як не губляцца ў сюжэтных паваротах, падкажуць адразу 16 кнігасховішчаў з дзясятка гарадоў Беларусі.

Такім быў арт-дайджэст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.